О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,

«Опера С.​І.​Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал. рэж. т-ра (з 1907) П.​Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.

У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.​Бачароў, В.​Дамаеў, М.​Данец, Ю.​Кіпарэнка-Даманскі, В.​Пятрова-Званцава, М.​Спяранскі, А.​Цвяткова, Н.​Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.​Іваноўскі, Ф.​Камісаржэўскі, А.​Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.​Іпалітаў-Іванаў, М.​Багрыноўскі, Э.​Купер, А.​Пазоўскі, І.​Паліцын, Я.​Плотнікаў, Ю.​Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.​Білібін, А.​Васняцоў, А.​Галавін, П.​Канчалоўскі, С.​Малюцін, В.​Паленаў, М.​Рэрых. В.​Сяроў, Ф.​Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.​Шаляпін, Л.​Собінаў, М.​Батыстыні, Дж.​Ансельмі, М.​Гай, Л.​Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.​Кшасінская і інш. З 1917 дзярж. т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-р муз. драмы, у 1922—24 акц. т-ва «Першая свабодная опера С.​І.​Зіміна»).

Літ.:

Боровский В. Московская опера С.​И.​Зимина. М., 1977.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)